Імкненне Дональда Трампа забяспечыць мір ва Украіне не мусіць дазволіць Уладзіміру Пуціну ўнікнуць адказнасці за ваенныя злачынствы, учыненыя расійскімі войскамі. Пра гэта ў інтэрв'ю Politico заявіў еўрапейскі камісар па пытаннях правасуддзя і дэмакратыі Майкл Макграт.
Еўрачыноўнік заявіў, што перамоўнікі павінныя гарантаваць, што імкненне да спынення агню не прывядзе да таго, што Расія ўнікне судовага пераследу за свае злачынствы. Тым самым ён фактычна вызначыў новую «чырвоную лінію» для пагаднення па Украіне.
«Не думаю, што гісторыя ўхваліць любыя спробы сцерці сляды расійскіх злачынстваў ва Украіне», — сказаў Макграт. «Яны мусяць быць прыцягнутыя да адказнасці за гэтыя злачынствы, і менавіта такі падыход будзе выкарыстоўвацца Еўрапейскім саюзам ва ўсіх гэтых дыскусіях», — дадаў ён.
Яго каментары адлюстроўваюць шырока распаўсюджаную ў еўрапейскіх сталіцах занепакоенасць тым, што першапачатковы план Дональда Трампа па Украіне ўключаў абяцанне «поўнай амністыі за дзеянні, учыненыя падчас вайны», а таксама рэінтэграцыю Расіі ў сусветную эканоміку.
«Калі б мы гэта зрабілі, дапусцілі б беспакаранасць за гэтыя злачынствы, мы б пасеялі насенне наступнага вітку агрэсіі і наступнага ўварвання. І я думаю, што гэта было б гістарычнай памылкай каласальных маштабаў», — упэўнены Макграт.
Паводле інфармацыі офіса генпракурора Украіны, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Расія здзейсніла больш за 190 тысяч ваенных злачынстваў. У мінулым месяцы камісія ААН прызнала расійскія ўлады вінаватымі ў злачынствах супраць чалавечнасьці, скіраваных супраць украінскіх жыхароў з дапамогай беспілотнікаў, а таксама ў ваенных злачынствах, звязаных з гвалтоўным перамяшчэннем і дэпартацыяй мірных жыхароў.
«Мы не можам грэбаваць правамі ахвяр расійскай агрэсіі і расійскіх злачынстваў, — заявіў Макграт. — Мільёны жыццяў былі адабраныя ці знішчаныя, людзі былі гвалтоўна выселеныя, і ў нас ёсць мноства доказаў гэтага».
ЕС і іншыя краіны працавалі над стварэннем спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі з мэтай прыцягнення расійскіх лідараў да адказнасці за поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. МУС асобна выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна за незаконны вываз украінскіх дзяцей у Расію.





