Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Далёкае ХІХ стагоддзе, у беларускай вёсцы сяляне бунтуюць супраць пана. На разгляд справы прыязджае камісія, перад якой 15-гадовы таленавіты сялянскі хлапчук чытае свае вершы. За крамолу яго на 25 гадоў адпраўляюць у салдаты. Ад яго застаецца толькі адзін верш і каваная жырандоля ў мясцовым касцёле. Больш твораў ён не напісаў. Гэтую гісторыю можна прачытаць у шматлікіх кнігах, падручніках, пра яе расказваюць у музеях (напрыклад, тут або тут), а сам паэт стаў хрэстаматыйнай асобай для айчыннай літаратуры. Але ў рэальнасці гаворка ідзе пра містыфікацыю — гэты чалавек, хутчэй за ўсё, не быў селянінам, не пісаў вершы і не служыў у арміі. Расказваем пра Паўлюка Багрыма і яго дэтэктыўную гісторыю.

Асновай гэтага тэкста стаў артыкул даследчыка Ігара Запрудскага «Пытанне атрыбуцыі, паэтыка і эстэтыка верша „Зайграй, зайграй, хлопча малы…“». Гэты тэкст — частка яго кнігі «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры ХІХ ст.», што выйшла яшчэ ў 2003 годзе, але застаецца вядомай у асноўным спецыялістам, а не шырокай аўдыторыі.

Як Паўлюк з’явіўся ў Лондане і трапіў у падручнікі

Гісторыя славы Багрыма пачынаецца, як ні дзіўна, у Лондане. Менавіта там у 1854-м былі ананімна апублікаваныя мемуары «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды». А на іх старонках — гісторыя маладога беларускага сялянскага паэта, які толькі з-за жыццёвых нягодаў не забяспечыў сабе «неўміручае імя».

Гаворка ішла пра падзеі 1828 года, калі ў Крошыне (цяпер аграгарадок у Баранавіцкім раёне) адбыўся бунт супраць мясцовага пана. Туды нібыта прыехалі царскія саноўнікі Пелікан і Навасільцаў. Мясцовы ксёндз Магнушэўскі загадаў свайму вучню — 15-гадоваму Петраку Багрыму (у рэальнасці яго клікалі Паўлюком), «каб ён прачытаў уласныя вершы на беларускай гаворцы, напісаныя без чыйго-небудзь натхнення і ўзору». Саноўнікі ўбачылі ў творы крамолу. У выніку «праз некалькі дзён бязвінны хлопчык быў забраны паліцыяй у рэкруты, якіх ён так баяўся» (то-бок адпраўлены ў войска).

Рукапіс верша Яна Баршчэўскага «Rozmowa Chłopow», пісаны рукой Паўлюка Багрыма. Фота: zviazda.by, commons.wikimedia.org
Рукапіс верша Яна Баршчэўскага Rozmowa Chłopów, пісаны рукой Паўлюка Багрыма. Фота: zviazda.by, commons.wikimedia.org

Тады ў царскай арміі — Расія напрыканцы ХVIII стагоддзя анексавала тэрыторыю Беларусі — служылі ажно 25 гадоў. Зразумела, не магло ісці гаворкі пра творчасць у такіх умовах. Аўтар апублікаванай у Лондане «Аповесці…», які нібыта з’яўляўся сведкам гэтых падзей, захаваў у памяці толькі адзін з прачытаных Багрымам вершаў. Менавіта яго ён і апублікаваў па-беларуску праз чвэрць стагоддзя — побач з вершаваным перакладам на польскую мову. Вось гэты твор.

Зайграй, зайграй, хлопча малы,

І ў скрыпачку, і ў цымбалы,

А я зайграю ў дуду,

Бо ў Крошыне жыць не буду.

Бо ў Крошыне пан сярдзіты,

Бацька кіямі забіты,

Маці тужыць, сястра плача:

«Дзе ж ты пойдзеш, небарача?..»

Дзе ж я пайду? Мілы Божа!

Пайду ў сьвет, у бездарожжа,

У ваўкалака абярнуся,

З шчасьцем на вас азірнуся.

Будзь здарова, маці міла!

Каб мяне ты не радзіла,

Каб мяне ты не карміла,

Шчасьліўшая ты бы была!

Каб я каршуном радзіўся,

Я бы без паноў абыўся:

У паншчыну б не пагналі,

У рэкруты б не забралі

І ў маскалі не аддалі.

Мне пастушком век ня быці,

А ў маскалях трудна жыці,

А я і расьці баюся,

Дзе ж я, бедны, абярнуся?

Ой, кажане, кажане!

Чаму ж ня сеў ты на мяне?

Каб я большы не падрос

Ды ад бацькавых калёс.

Другое выданне «Аповесці…» выйшла ў 1858-м у Познані (тады гэта была тэрыторыя Прусіі). Падчас паўстання 1863−1864 гадоў кнігу ў Расіі забаранілі за «ненавісны дух» у адносінах да царскага ўрада. Таму пра кнігу забыліся і наступны раз згадалі яе толькі ў 1895-м. Тады пачалася дыскусія, у ходзе якой прагучала версія, што аўтарам «Аповесці…» з’яўляўся Ігнат Яцкоўскі — навагрудскі адвакат, палітычны дзеяч і пісьменнік. Ён удзельнічаў у паўстанні 1830−1831 гадоў, не пазней за 1862-ы вярнуўся ў Беларусь і памёр у 1873-м у Навагрудку. Яго аўтарства канчаткова было даказана пазней, ужо ў наступным стагоддзі.

Шырокая аўдыторыя даведалася пра Багрыма яшчэ пазней. У 1911-м Вацлаў Ластоўскі (мы прысвячалі яму асобны тэкст) апублікаваў у газеце «Наша Ніва» той самы верш і пераказаў раздзел з мемуараў Яцкоўскага. Гэта быў час нацыянальнага беларускага адраджэння, таму гісторыя пра таленавітага беларускага юнака з трагічным лёсам, які не стаў беларускім Тарасам Шаўчэнкам (гэты ўкраінскі класік таксама трапіў у салдаты, але змог адтуль выбрацца і атрымаць волю), з’явілася ў патрэбным месцы ў патрэбны час.

Праз год свой артыкул пра Багрыма апублікаваў літоўскі даследчык Аўгусцінас Янулайціс. Карыстаючыся дакументамі следства, ён пацвердзіў існаванне вострага канфлікту ў Крошыне паміж панам і сялянамі, а таксама рэальнае існаванне Паўла Багрыма, з якім і суаднёс таго самага Петрака (хоць навуковец і прызнаваў, што Яцкоўскі штосьці мог пераблытаць, забыцца і зразумець не так). Адзначым, што Янулайціс не назваў Багрыма аўтарам верша «Зайграй…», бо дакументы, што існавалі на той момант, не давалі для таго падстаў.

Аднак у 1920-м выйшла «Гісторыя беларускае літаратуры» Максіма Гарэцкага, дзе той без сумненняў называў Багрыма аўтарам таго самага верша. На працягу нейкага часу гэтая кніга была адзіным падручнікам для беларускіх школ. З таго часу гэта канцэпцыя аўтарства Багрыма стала кананічнай і замацавалася на дзесяцігоддзі, а твор трапіў у падручнікі. Багрым пачаў успрымацца як «адзіны беларускі сялянскі паэт першай паловы XIX стагоддзя».

Жырандоль працы Паўлюка Багрыма. Фота: Yanush, commons.wikimedia.org
Жырандоля працы Паўлюка Багрыма. Фота: Yanush, commons.wikimedia.org

У свой час гэта гісторыя мела плюсы. «У эпоху беларусізацыі яна спрыяла росту нацыянальнай свядомасці беларусаў. У перыяд засілля вульгарнага сацыялагізму (у часы Іосіфа Сталіна. — Заўв. рэд.) — нярэдка выкарыстоўвалася ў якасці яркага прыкладу слушнасці класавага падыходу да аналізу мастацкіх з’яў. У часы „адлігі“ і „застою“ яна была „антыподам“ штучнай саладжавай літаратуры сацрэалізму і нават, у многім дзякуючы патрыятычнай баладзе Уладзіміра Караткевіча „Паўлюк Багрым“, выступала ў якасці процівагі дэнацыяналізатарскім тэндэнцыям», — пісаў Ігар Запрудскі.

Не служыў, не быў селянінам, узяў шлюб са шляхцянкай

Ішоў год за годам, і беларускія даследчыкі сталі пакрысе высвятляць асобныя факты з жыцця Багрыма. Адна за адной пайшлі нестыкоўкі:

  • у дакументах адзначалася, што Багрым перапісаў і чытаў верш Яна Баршчэўскага «Рабункі мужыкоў, ці Бунт хлопаў супраць аканома» або Rozmowa Chłopów (фота перапісанага ім верша вы можаце пабачыць вышэй), за што меў непрыемнасці, але пра яго ўласны твор ніхто не згадваў;
  • у рэальнасці ў Крошын не прыязджалі рэктар Віленскага ўніверсітэта Вацлаў Пелікан і папячыцель той ВНУ і Віленскай навучальнай акругі Мікалай Навасільцаў — замест іх былі чыноўнікі больш нізкага статуса;
  • у рэальнасці Багрым быў мяшчанінам (жыхаром мястэчка), а не селянінам, таму канфлікт мясцовых сялян з панам наогул непасрэдна не датычыўся гэтай сям'і, іх прозвішча няма ў спісе рэпрэсаваных;
  • хутчэй за ўсё Паўлюк і не служыў у арміі, пацвярджэнняў таго няма. Дададзім ад сябе, што ў той момант фармальна яго і не маглі аддаць у салдаты — прызыўны ўрост пачынаўся з 17 гадоў, а яму яшчэ было 15.
Магіла Паўлюка Багрыма каля Крошынскага касцёла. Фота: Мікалай Кузіч, fgb.by, orda.of.by, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Магіла Паўлюка Багрыма каля крошынскага касцёла. Фота: Мікалай Кузіч, fgb.by, orda.of.by, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Наогул пра далейшае жыццё Багрыма вядома няшмат. У яго была вялікая сям’я — двое сясцёр і чатыры браты (відаць, Паўлюк быў старэйшым). У 1844-м ён жыў у Крошыне пры бацьку, які памёр у 1855-м «ад старасці» (ва ўзросце 68 гадоў; маці — яшчэ раней). У 1864-м 52-гадовы мешчанін стварыў сям’ю з 26-гадовай шляхцянкай і ўдавой Карнеліяй Шышлоўскай. У тым жа годзе тагачасны ўладальнік маёнтка Крошын Пётр Святаполк-Завадскі быў вінен Багрыму 700 рублёў, вялікую для таго часу суму. Для параўнання, якраз у 1859−1860 гадах у Віцебску, Магілёве, Гродне і Мінску (усе гэтыя гарады мелі статус губернскіх) найвышэйшыя паліцэйскія чыноўнікі атрымлівалі 16,4 рублі за месяц.

У шлюбе ў Багрыма нарадзіліся два сыны і дачка, на жыццё ён зарабляў кавальскай справай (як і яго бацька). Сярод яго прац — выкаваная люстра (жырандоля), якая да гэтага часу знаходзіцца ў крошынскім касцёле. На яе круглай раме можна ўбачыць жаўрукоў ў імклівым палёце і бутоны кветак, якія вось-вось зацвітуць. Памёр Багрым у 1891-м, пражыўшы 79 гадоў. Пахаваны ў Крошыне на могілках ля касцёла.

Што яшчэ не супадае

Акрамя несупадзенняў у факталогіі існуюць і іншыя моманты.

Калі верыць «Аповесці…» Яцкоўскага, 15-гадовы Багрым ведаў на памяць розныя байкі Адама Нарушэвіча (пачынальнік класіцызму ў польскай літаратуры), славутага грэка Эзопа, а таксама з выдання Wiadomości Brukowe (асветніцкага часопісу на польскай мове, які выходзіў у Вільні напачатку XIX стагоддзя). Сыходзячы з гэтага, лагічна, каб ён напісаў верш з дыдактычным зместам — то-бок, у манеры, якая была характэрна для вядомых яму твораў.

Але «Зайграй…» выглядае як тыповы твор часоў рамантызму. Яго лірычный герой, по меркаванні Запрудскага, «неспакойны самотнік, які мусіць шукаць лепшай долі недзе, а не дома. Нешчаслівая рэальнасць прыводзіць яго да адчужэння ад яе ж і ад усіх. <…> У вершы выражана адно з асноўных перакананняў рамантыкаў — няўхільнасць канфлікту паміж асобай, якой спадарожнічае ўнутраны разлад, і светам».

Зварот да міфалогіі і містыкі наўрад ці мог з’явіцца ў творы сялянскага юнака ў 1828-м. Толькі праз сем гадоў, у 1835-м, выйшла праца Якаба Грыма «Нямецкая міфалогія», якая неўзабаве стала папулярнай і ў Беларусі і ўзбудзіла цікавасць да фальклору. Цягам 1840-х цікавасць археалогіяй, гісторыяй, зборам фальклорных і этнаграфічных матэрыялаў стала лічыцца найкарыснай грамадскай справай.

Якоб Гримм. Фото: Франц Ганфштенгль, commons.wikimedia.org
Якаб Грым. Фота: Франц Ганфштэнгль, commons.wikimedia.org

Як піша Запрудскі, айчынныя паслядоўнікі Грыма прыйшлі да высновы, што «сярод славянскіх народаў беларусы ў сваіх павер’ях, абрадах, творах вуснай паэтычнай творчасці найбольш захавалі старажытныя дахрысціянскія элементы». «Пашырылася меркаванне, што ў беларускім селяніне трэба бачыць захавальніка і носьбіта шматлікіх паганскіх уяўленняў пра свет. Такім ён маляваўся і ў мастацкай літаратуры», — дадае даследчык.

На яго думку, аўтар, які імкнуўся гаварыць ад імя сялянскага падлетка, павінен быў бы пайсці па шляху максімальнага насычэння верша міфалагічнымі элементамі. Гэта і адбылося. У 29 радках верша згадваюцца і каршун, і ваўкалак, і кажан. Супадзенне або не, але менавіта пра гэтых трох істот ішла гаворка і ў раздзеле «Чары» з кнігі Яўстафія Тышкевіча «Апісанне Барысаўскага павета з дадаткам звестак пра звычаі, спевы, прыказкі, адзенне люду, густы, забабоны і г. д.», выдадзенай у Вільні ў 1847-м.

Але ні сам Багрым, ні яго малапісьменныя — як сведчаць матэрыялы следства — аднавяскоўцы не маглі быць аўтарамі твора, дзе ў 29 радках верша ёсць такія прыёмы як антытэза, алітэрацыя (паўтарэнне аднолькавых ці аднародных зычных у вершы), асананс (паўтарэнне аднолькавых або падобных галосных гукаў у вершы), пяць звароткаў, два рытарычныя пытанні (адно з іх паўтараецца) і мінімум чатыры выразы, вытрыманыя ў клічнай інтанацыі. Натуральна, сяляне пісалі творы высокага ўзроўню — як той жа Тарас Шаўчэнка. Аднак адбывалася тое ў сталым узросце, калі яны цалкам сфарміраваліся як асобы, мелі адукацыю і зусім не павярхоўна засвоілі асновы тагачаснай культуры.

Жырандоль працы Паўлюка Багрыма. Фота: Yanush, commons.wikimedia.org
Жырандоля працы Паўлюка Багрыма. Фота: Yanush, commons.wikimedia.org

Існуюць і іншыя аргументы, вось далёка не поўны пералік:

  • калі верыць «Аповесці…», ксёндз Магнушэўскі неаднойчы хваліў свайго вучня, у тым ліку і за верш «Зайграй…». Гэта дзіўна, бо ў вершы відавочныя рэшткі паганскіх уяўленняў, а царква і асабліва каталіцкія святары вялі барацьбу з імі на працягу ўсяго XIX стагоддзя;
  • усе сялянскія дзеці таго часу (гэта пацвярджаюць тагачасныя этнографы і фалькларысты) верылі, што словам можна не толькі лячыць, але і забіць. Між тым, у тэксце ёсць радок «бацька кіямі забіты», а сапраўдны бацька Багрыма быў тады жывы — цяжка паверыць, што тагачасны вясковы хлопец рашыўся б агучыць такое;
  • у творах, створаных сялянамі (напрыклад, народных казках), разумны селянін супрацьпастаўляецца дурному пану, у вершы ж паказана, што сялянскі хлопец здатны на тонкія душэўныя перажыванні — не горш за «пана сярдзітага».

Сапраўдны аўтар і прычына фальсіфікацыі

Атрымліваецца, што рэальны Багрым наўрад ці мог напісаць гэты твор. Але навошта была зроблена містыфікацыя?

У 1850-я ў грамадстве стала відавочнай неабходнасць разняволення і асветы прыгонных сялян (забягаючы наперад, нагадаем, што ў 1861-м у Расійскай імперыі адбылася адмена прыгоннага права). Да таго ж у літаратуру прыйшоў новы герой — селянін. Як у Польшчы, так і ў Расіі адкрыта ставілася пытанне пра стварэнне літаратуры для народа. Таму ў Беларусі была вельмі запатрабавана асоба паэта, якія б выразіў светапогляд сялян і паказаў іх крыўды. Вобраз Багрыма для гэтага падыходзіў ідэальна.

Падобныя містыфікацыі сустракаліся і ў іншых літаратурах. Напрыклад, у 1817-м чэх Вацлаў Ганка абвясціў, што знайшоў старажытныя тэксты, якія нібыта не саступалі «ўзростам» нямецкай «Песні пра Нібелунгаў». Пазней іх надрукавалі пад выглядам твораў народнага эпасу, што істотна паўплывала на чэшскі нацыянальна-вызваленчы рух. Толькі праз семдзесят гадоў атрымалася даказаць, што гэта была містыфікацыя, а адным з аўтарам падробкі быў сам Ганка.

Вацлав Ганка. Фото: Thaddäus Mayer, webumenia.sk, commons.wikimedia.org
Вацлаў Ганка. Фота: Thaddäus Mayer, webumenia.sk, commons.wikimedia.org

Хто ж тады мог быць рэальным аўтарам верша «Зайграй…»? Пасля аналізу Запрудскі прыйшоў да высновы, што твор напісаў шляхціц Юльян Ляскоўскі. Ён нарадзіўся ў 1828-м пад Вілейкай, удзельнічаў у адным з таемных антыдзяржаўных таварыстваў, з-за чаго ў 1849-м збег за мяжу. Жыў у Лондане. Змог вярнуцца на радзіму толькі ў 1858-м, калі царскія ўлады абвясцілі амністыю.

У 1861-м у Вільні ў друкарні Адама Кіркора выйшаў яго зборнік польскамоўнай паэзіі «Беларускі бандурыст». Пазней Вацлаў Ластоўскі перадаваў чуткі, што творы з выдання спачатку былі створаныя па-беларуску, а ўжо потым перакладзеныя на польскую самім аўтарам. Трэба дадаць, што ў паэме «У чужой старане», напісанай у Лондане ў 1855-м, Ляскоўскі дэманстраваў выдатнае веданне беларускага фальклору, а таксама выказваў свае сімпатыі да сялян. Памёр ён пасля 1888 года. Зрэшты, яго аўтарства знакамітага верша таксама патрабуе дадатковых доказаў.